Палажэнне

аб Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца





I. ПРЭМІЯ

1.1. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску; фундатар узнагароды — “Ідэя Банк”.

1.2. Прэмія прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове, у жанрах “мастацкая проза” і “эсэістыка”.

1.3. У спрэчных выпадках жанр твораў вызначаецца журы.

1.4. Кніга павінна быць выдадзеная ў папяровым альбо электронным варыянце ў прамежку паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, у якім быў абвешчаны конкурс.

1.5. Калі кніга выйшла паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, у якім быў абвешчаны конкурс, але з нейкай прычыны не была пададзеная на Прэмію, то яна можа падавацца ў наступным годзе.

1.6. Узнагароды:
а) I месца: чэк на суму, якую кожны год вызначае “Ідэя Банк”;
б) II месца: пераклад твора на польскую мову альбо творчая стыпендыя ў Доме творчасці пісьменнікаў, г. Вісбю, Готланд (Швецыя);
в) ІІІ месца: творчая стыпендыя ў Вэнтспілсе (Латвія).

1.7. Пераможцам Прэміі можа быць толькі адна кніга. Арганізатары конкурсу не маюць права раздзяліць прэмію альбо адмовіцца ад яе прысуджэння.

1.8. Кнігу, якая заяўленая да ўдзелу ў конкурсе, нельга выключыць з удзелу паводле жадання аўтара.

II. КОНКУРС

2.1. Конкурс складаецца з 6 этапаў:

1 этап: аргкамітэт прымае кнігі на конкурс да 31 студзеня кожнага года;
2 этап: аргкамітэт абвяшчае поўны спіс кніг, прынятых да ўдзелу ў конкурсе, не пазней за 15 лютага кожнага года;
3 этап: доўгі спіс, у які ўваходзяць 12 кніг, абвяшчаецца не пазней за 1 красавіка кожнага года;
4 этап: журы вызначае 6 кніг-фіналістаў, якія абвяшчаюцца не пазней за 15 красавіка кожнага года;
5 этап: да 15 траўня кожнага года праводзяцца публічныя прэзентацыі 6 кніг кароткага спіса;
6 этап: урачыстая цырымонія абвяшчэння лаўрэатаў (першага, другога і трэцяга месцаў), якая праводзіцца ў другой палове траўня кожнага года.

2.2. З удзелу ў конкурсе выключаюцца кнігі, аўтарамі ці суаўтарамі якіх з’яўляюцца члены журы ці людзі, якія маюць дачыненне да падліку галасоў.

2.3. Аўтар, які атрымаў галоўную прэмію, не можа ўдзельнічаць у наступных прэміяльных сезонах.

2.4. Заяўляць кнігі на конкурс упаўнаважаныя:
а) выдавецтвы;
б) члены журы;
в) члены аргкамітэта Прэміі;
г) пераможцы папярэдніх конкурсаў.

Заяўкі неабходна дасылаць на адрас Беларускага ПЭН-цэнтра:
— паштовы адрас: 220050, Мінск, п/с 218;
— электронны адрас: [email protected]

2.5. Іншыя асобы ці арганізацыі могуць падаваць прапановы па заяўках у аргкамітэт Прэміі.

2.6. Тэрмін прыняцця заявак заканчваецца 31 студзеня кожнага года. На гэтую дату ўсе заяўкі мусяць быць атрыманыя аргкамітэтам Прэміі. Заяўкі, якія паступяць пазней за гэтую дату, разглядацца не будуць.

2.7. Заяўка мусіць утрымліваць наступныя звесткі:
а) інфармацыя пра намінатара, што вылучае твор на Прэмію: кантактныя нумары тэлефонаў і адрасы;
б) кароткая творчая біяграфія аўтара альбо ўсіх суаўтараў, калі твор напісаны ў суаўтарстве;
в) анатацыя кнігі;
г) урывак да 10 тысячаў знакаў, які будзе размешчаны на сайце Прэміі;
д) пажадана — адрасы крамаў, дзе можна набыць кнігу, ці спасылкі, па якіх яе можна спампаваць у электронным варыянце.

2.8. Да заяўкі неабходна далучыць 7 асобнікаў у папяровым і 1 асобнік у электронным варыянце. Заяўкі без электроннай версіі і 7 асобнікаў кнігі прымацца да ўдзелу ў конкурсе не будуць.

2.9. Удзельнікамі конкурсу з’яўляюцца не аўтары, а напісаныя імі кнігі, таму ў конкурсе можа ўдзельнічаць любая колькасць кніг ад аднаго аўтара.

III. АРГКАМІТЭТ

3.1. Аргкамітэт складаецца са старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра, старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, першага і другога намеснікаў старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра, сакратара Беларускага ПЭН-цэнтра, каардынатара Прэміі, рэдактара сайта Прэміі, дызайнера Беларускага ПЭН-цэнтра і іншых выканаўцаў прац па Прэміі з ліку супрацоўнікаў і членаў Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

3.2. Асоба, якая курыруе працу аргкамітэта, вызначаецца старшынёй Беларускага ПЭН-цэнтра і старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў.

3.3. У абавязкі аргкамітэта ўваходзіць:
а) падрыхтоўка інфармацыйных матэрыялаў для членаў журы пра заяўленыя да ўдзелу ў Прэміі кнігі;
б) складанне пратаколаў пасяджэнняў журы;
в) пастаянны кантакт з членамі журы, у тым ліку інфармаванне іх пра даты пасяджэнняў;
г) арганізацыя і каардынацыя ўсіх відаў работ, звязаных з Прэміяй.

3.4. Аргкамітэт прымае рашэнні на падставе гэтага Палажэння аб Прэміі. Па пытаннях, не ўрэгуляваных Палажэннем, аргкамітэт прымае рашэнні, кіруючыся прынцыпамі слушнасці, характарам Прэміі і яе падставаў.

IV. ЖУРЫ

4.1. Журы конкурсу складаецца з 6 чалавек, а таксама ганаровага старшыні журы — Пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.

4.2. Члены журы прызначаюцца камітэтам па журы, у які ўваходзяць 3 чалавекі: старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама асоба, якая выбіраецца з членаў журы мінулых гадоў. Гэтую асобу абіраюць кіраўнікі вышэйзгаданых арганізацый шляхам кансэнсусу.

4.3 Члены камітэта па журы не маюць права абірацца ў журы.

4.4. Працу журы курыруе аргкамітэт Прэміі.

4.5. Членства ў журы заканчваецца, калі член журы не мае магчымасці выконваць свае абавязкі далей альбо падае афіцыйную адмову. У гэтым выпадку камітэт вызначае новага члена журы.

4.6. Адна асоба не можа быць членам журы больш за 5 разоў запар.

V. ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ ЧЛЕНАЎ ЖУРЫ

5.1. Члены журы абавязаныя прачытаць усе кнігі, прынятыя да удзелу ў конкурсе.

5.2. Ганаровы старшыня выконвае прадстаўнічыя функцыі і не ўдзельнічае ў працы журы.

5.3. Кожны з членаў журы абавязаны:

— зацвердзіць поўны спіс кніг, якія прэтэндуюць на Прэмію;
— да 1 красавіка вызначыць доўгі спіс;
— да 15 красавіка вызначыць кароткі спіс;
— да 15 траўня вызначыць фіналіста.

5.4. Члены журы не маюць права абмяркоўваць публічна працу журы да ўручэння Прэміі. У адваротным выпадку член журы можа быць выключаны з яго складу.

5.5. Для вырашэння спрэчных пытанняў члены журы могуць ініцыяваць скліканне дадатковага пасяджэння журы і прадстаўнікоў аргкамітэта. За прыняцце рашэння пра дадатковае пасяджэнне павінны прагаласаваць хаця б тры члены журы.

VI. Механізм і этапы галасавання за пераможцу

6.1. Галасаванне адбываецца наступным чынам: члены журы збіраюцца на пасяджэнні і абіраюць лонг- і шорт-лісты шляхам кансэнсусу. У выпадку, калі дасягненне кансэнсусу немагчымае, выбар доўгага і кароткага спісаў можа адбывацца праз пайменнае галасаванне.
6.2. Механізм фармавання доўгага спіса: члены журы збіраюцца на пасяджэнні, дзе абмяркоўваюць намінаваныя кнігі і супольна вызначаюць 12 з іх, якія ўвойдуць у доўгі спіс.
6.2.1. Калі прыйсці да адзінага меркавання не атрымліваецца, кожны член журы абірае 12 кніг са спіса кніг, прынятых на Прэмію.

6.2.2. Кожная з кніг, абраных членам журы, атрымлівае 1 бал.

6.2.3. 12 кніг, якія набралі больш за ўсё балаў, праходзяць у доўгі спіс.

6.3.4. Калі за апошняе месца спаборнічае некалькі кніг, па іх праводзіцца дадатковае галасаванне. Кожны з членаў журы мае 1 голас, які аддаецца за адну з кніг, што прэтэндуюць на апошняе месца.

6.4. Механізм фармавання кароткага спіса: члены журы збіраюцца на пасяджэнні, дзе абмяркоўваюць намінаваныя кнігі і супольна вызначаюць 6 з іх, якія войдуць у даўгі спіс.

6.4.1. У выпадку непрымірымых супярэчнасцяў кожны член журы абірае 6 кніг з доўгага спіса.

6.4.2. Кожная з кніг, абраных членам журы, атрымлівае 1 бал.

6.4.3. 6 кніг, якія набралі больш за ўсё балаў, праходзяць у кароткі спіс.

6.4.4. Калі за апошняе месца спаборнічае некалькі кніг, па іх праводзіцца дадатковае галасаванне. Кожны з членаў журы мае 1 голас, які аддаецца за адну з кніг, што прэтэндуюць на апошняе месца.

6.5. Механізм выбару лаўрэатаў: вызначэнне кніг, якія займаюць I, II, і III месцы, адбываецца пры абавязковай асабістай прысутнасці ўсіх членаў журы і выключна шляхам кансэнсусу.

6.6. Члены журы мусяць скласці фармулёўку, на якіх падставах кнізе прысуджаецца I месца. Гэтая фармулёўка агучваецца на ўрачыстай цырымоніі прэміі і змяшчаецца на дыпломе.

6.6. Дні галасавання за доўгі і кароткі спісы, а таксама за фіналістаў прызначаюцца аргкамітэтам і ўзгадняюцца з членамі журы.

6.7. Аргкамітэт друкуе і афармляе ўсе дакументы, якія пацвярджаюць выбар членаў журы.

VII. ТЭРМІН І МЕСЦА ПРАВЯДЗЕННЯ ЎРАЧЫСТАЙ ЦЫРЫМОНІІ ЎРУЧЭННЯ ПРЭМІІ

7.1. Прэмія ўручаецца ў другой палове траўня.

7.2. Месца правядзення цырымоніі будзе вызначацца кожны год.

VIII. УДЗЕЛЬНІКІ ЎРАЧЫСТАСЦІ

8.1. Абавязковымі ўдзельнікамі ўрачыстасці з’яўляюцца:
а) аўтары шасці кніг-фіналістаў конкурсу;
б) лаўрэат Прэміі папярэдняга года;
в) члены журы.

8.2. Спіс астатніх удзельнікаў (гасцей) урачыстасці патрабуе ўзгаднення з арганізатарамі Прэміі.

8.3. Фіналісты Прэміі (аўтары шасці кніг-фіналістаў) удзельнічаюць у дадатковых мерапрыемствах, запланаваных арганізатарамі.

ІХ. ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

9.1. Палажэнне пачынае дзейнічаць з дня зацвярджэння яго прадстаўнікамі арганізатараў Прэміі.

Мінск, 11 лістапада 2015
Вынікі апошніх гадоў:
2015 2014 2013
Арганізатары: