“Сіні карабель у блакітным моры плыве, або Шукальнікі вечнасці”

“Я хацеў бы ўсіх, хто чытаў мае ранейшыя кніжкі, крыху расчараваць, таму што ў гэтай кніжцы нічога падобнага вы не знойдзеце. Гэта кніжка пра тое, чаго не бывае, ніколі не было і ў прынцыпе не можа быць. Гэта чыстая проза без ніякай публіцыстыкі, без нічога, што магло б здарыцца ў рэальнасці. Не ведаю, наколькі мне гэта ўдалося, я хацеў напісаць кніжку ні пра што. І калі мне ўдалося напісаць кніжку ні пра што, я буду адчуваць сябе шчаслівым чалавекам…” (Сяргей Дубавец)

Сяргей Дубавец нарадзіўся 17 верасня 1959 года ў Мазыры. Беларускі журналіст і літаратар. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ.

Працаваў у выдавецтве БелСЭ, газеце "Гомельская праўда", нелегальным друку. Рэдактар аддзелу крытыкі часопіса "Нёман” (1987—1990), галоўны рэдактар газет "Наша Ніва" (1991—2000) і "Свабода" (2004—2008), радыё "Балтыйскія хвалі" (2000—2001), аўтар штотыднёвае перадачы "Вострая Брама" на радыё "Свабода" (з 1997).

Аўтар эсэістычных кніг: "Дзённік прыватнага чалавека", "Русская книга", "Вершы", "Errata".

Узнагароджаны медалём Літвы "За адвагу" і прэміяй Беларускага ПЭН-цэнтра.

Двое ахоўнікаў вайсковага стрэльбішча шарагоўцы Кайлюс і Зелба рабілі ранішні агляд тэрыторыі. За лесам яны сышлі ў лагчыну, адкуль сцежка паміж сумётаў вяла да ракі.

— Ці ты глядзеў, колькі сёння?.. — спытаўся Кайлюс.

— Мінус сорак, — адказаў Зелба.

Шарагоўцы моўчкі спусціліся з невысокага берагу на ледзяную паверхню.

— Мінус сорак бывае ў гэтых краях раз на сто гадоў, — сказаў Кайлюс.

— Угу, — адказаў Зелба. — Столькі ж было ў год нашага прызыву.

Пад нагамі ў жаўнераў паўставалі карціны прамерзлага наскрозь падводнага свету: плыўкія водарасці выгіналіся на некалькі крокаў, рыбіны замёрлі ў сваім увішным бегу, белыя бурбалкі нагадвалі россып зор.

— Юбілей, — стаў на месцы Зелба, — нам паложана падвойная пайка!

— Паложана-наложана, — механічна адказаў Кайлюс, не спыняючы хады.

Пад супрацьлеглым берагам, дзе ніцая вярба схілілася да ракі, змеціўшы нешта пад ільдом, Кайлюс раптам скочыў назад. Тое самае зрабіў і Зелба. Асцярожна падаўшыся наперад, жаўнеры ўглядаліся ў ледзяную паверхню. Убачанае моцна ўражвала іх.

Пад ільдом сярод водарасцяў застыла ў руху дзяўчына.

— Зусім не падобная да русалкі, — прашаптаў Зелба.

Тым часам Кайлюсу ад пераляку яшчэ не вярнулася мова. Ён абаўрэла разглядаў нечаканую відзежу, як нешта жаданае і, разам, забытае назаўжды.

Сапраўды, ані доўгіх косаў, ані жалезных грудзей у “русалкі” не было.

Лёгкая сукенка, згібы цела, усмешка на вуснах, заплюшчаныя вочы — усё гэта змушала жаўнераў неадрыўна глядзець пад лёд і хвалявала сэрца.

— Прынцэса, — міжвольна прашаптаў Кайлюс.

Такое “розначытанне” быццам ацвярозіла іх, і яны, завядзёна пабраўшы вінтоўкі, рушылі звыклым маршрутам агляду — на супрацьлеглы бераг, з-за якога ўжо падымалася белае марознае сонца.

* У пастарунку — невялікім будынку з сілікатнае цэглы — яны, як заўжды, варылі сабе ежу, як заўжды, елі, аглядалі амуніцыю й зброю, але пры тым не казалі ні слова ані пра “русалку”, ані пра саракаградусны мароз, ані пра свой юбілей. Яны маўчалі. Толькі бліжэй да поўдня першы прамовіў Зелба:

— Слухай, Кайлюс. Мы аглядаем тэрыторыю ўдвух дзеля таго, што можа спатрэбіцца прыкрыць адзін аднаго, альбо каб адзін, у разе патрэбы, пабег у пастарунак, а другі заставаўся на месцы здарэння, праўда?

— Так напісана ў рэгламенце, — пацвердзіў Кайлюс.

— Толькі ж ніколі не было ў нас ніякіх здарэнняў. Аднойчы лось парваў агароджу, і ўсё. Але каб выявіць той прарыў, зусім ня трэба хадзіць разам.

— Можа і так, — недаверліва пагадзіўся Кайлюс.

— Мы вяртаемся з гэтых аглядаў галодныя, як сабакі, — узвысіў свой голас Зелба. — І пасля яшчэ колькі часу гатуем ежу.

— Ты прапануеш змяніць рэгламент? — пачаў здагадвацца Кайлюс.

— Мы нічога не будзем змяняць. Проста я буду хадзіць на агляд тэрыторыі, а ты будзеш гатаваць ежу.

Кайлюс задумаўся. Гатаваць ежу яму не вельмі падабалася. І потым, ён не менш за Зелбу хацеў яшчэ паглядзець на Прынцэсу. Таму ўрэшце Кайлюс сказаў:

— Лепей мы будзем усё рабіць на змену. Сёння ты гатуеш, а заўтра я. Так і пастанавілі...

Сяргей Дубавец

“Сіні карабель у блакітным моры плыве, або Шукальнікі вечнасці”

Пра кнігу:

Пра аўтара: