”Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі”

Зборнік эсэ паэткі Тані Скарынкінай расказвае пра асаблівасці дзіўнага паўсядзённага жыцця ў райцэнтры. Жыцця, поўнага супярэчнасцяў і супадзенняў. Гумару і грубасці. Павагі і падазронасці. Сяброўства і смерці. Шчырасці і фальшу. Местачковай моды і мовы.

Таня Скарынкіна нарадзілася ў 1969 годзе ў горадзе Смаргонь. Выпускніца Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Працавала ілюстратаркай дзіцячых кніг, паштальёнкай, журналісткай, калумністкай. Друкавалася ў айчынных папяровых выданнях “Зорька”, “Першацвет”, “Няміга літаратурная”, “Маладосць”, “Народная воля”, “Мінская школа”, “Arche”, у маскоўскім “Воздухе”, у часопісах “Крещатик” (Германія), “Лава” (Украіна), “Аналогон” (Чэхія), “Сибирские огни” (Расія), у сеткавых выданнях “Полутона”, “TextOnly”, “Двоеточие”, “Лиterraтура” і інш. Вершаваныя зборнікі: “Книга для чтения вне помещений и в помещениях” (Мінск, “Кнігазбор”, 2013) і “Португальские трехстишия” (Нью-Йорк, “Айлурос”, 2014). Вершы перакладаліся на іўрыт, на польскую, чэшскую, італьянскую і англійскую мовы. Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра.

Тры пакаленні хатняй парцаляны

Неяк апошнім часам выбіліся з супавых талерак. Я ўжо купляць збіралася — бо ямо з алюмініевых місак, як сабакі. А тут японскія, у гваздзічкі, з золатам па беражку, як скарб нейкі на галаву зваліліся. Ды яшчэ ў Каляды.

— Мама, чаму я пра іх не ведаю?

— Бо ніколі на стол не ставілі.

— А можна вазьму парачку?

— Яны святочныя, ці не разумееш?

— Ты ж кажаш, што на свята іх ніколі не вымалі.

— А хто суп падае на святы?

— Тады чаму патрэбна іх берагчы?

— Дык нашто мне купляць талеркі, калі ёсць у хаце цэлых 12 штук? Я вазьму.

— Есці са Святочных Талерак? У Будныя Дні?! На Кухні?!!

Блін! Як тут не ўспомніць улюбёнага Чэслава Мілаша. У яго вершы маюцца бадай на ўсе выпадкі жыцця. І зараз з “Песенькі пра парцаляну ”, як найлепш падышлі радкі:

“Нічога мне так, мая мілая,

Я ўжо разумею, што не хачу звычайных, а толькі гэтыя з кветкамі далікатна-ружовымі. Фірмы “Катюша”. Так і надрукавана буйнымі кірылічнымі літарамі з адваротнага боку:

А паміж імі — мініяцюрная незабудка.

Свіная рулька, фаршыраваны вярблюд

Бывае, раніца пачынаецца з таго, што ў незамкнёныя хатнія дзверы ўрываецца сярэдняя цётка. А з торбы вялікая свіная рулька шмякаецца ў ракавіну на кухні.

Часцей і часцей на ключ не замыкаюся. Усё роўна няма чаго красці. Да таго ж падабаецца крычэць: “Адчынена!” з глыбінь кватэры на дзвярныя званкі. Сёння званка не было, цётка так зайшлася. Пакратала ручку дзвярную, што не супраціўляецца, і ўвайшла:

— Я рульку прынесла. Будзеш дапамагаць, трэба рулет зрабіць. Рулька добрая, па скідках набыла.

— Гэта хутка. Ты ж не на цягнік спяшаешся.

— Не на цягнік, але ўвогуле.

— Карацей, спачатку трэба памыць і крыху паскрэбці. Добра, сама паскрабу, не крывіся. А ты чысці, давай, часнок. Перац молаты ёсць?

— Тады нясі млынэк. Ведаю, у секцыі вялікага пакоя ёсць.

— Мы яе сто гадоў не даставалі.

— Але ж спраўная мусіць быць, тым больш калі не чапалі.

І сапраўды, падарункавая латвійская “STRAUME”, вырабленая ў 1985 годзе, вокамгненна змалола і перац духмяны, і кардамон — у пыл. А часночніца расціснула часнок. Цёця тым часам прафесійна выразала з рулькі костку. Колькі разоў яна гэта рабіла ў сваім жыцці? Паклала костку ў лядоўню, прыгаворваючы:

Адбіла цёця і раздрапежаную рульку. Я толькі дзівілася лёгкасці дзеянняў пажылой жанчыны. Спачатку, як толькі яна ўварвалася ў хату з гэтай свіняцінай, я, прызнацца, адчула лёгкае раздражненне. Ніякага ўласнага жыцця. Вось яна вырашыла, што трэба з гэтым мясам валандацца, і не адкруцішся. Але хутка я пачала атрымліваць нават асалоду ад паступовага і непазбежнага працэсу. Тым больш, што амаль адразу вырашыла напісаць пра гэтую рульку заўчасную, каб не было крыўдна за марна страчаны час. І мне наогул палягчэла.

Цёця абшмаравала рульку знутры і звонку прыправамі. Нацёрла соллю. Але сказала, што пры варцы трэба будзе дасаліць. Бо рульку моцна не соляць у момант скручвання. Трэба гэта ведаць і ніколі не забывацца.

— Цяпер анучу давай і вяроўкі якія ці шнуркі!

Яна так упэўнена загадвала, што рэчы, патрэбныя для будучага рулета, самі ў рукі скакалі з нейкіх патаемных кухонных месцаў. Цёця туга скруціла мяса ў скрутак, завярнула ў анучу, заматала вяроўкай. Атрымалася нібыта гіганцкая лічынка.

— Варыць дзве з паловай гадзіны, лаўровы ліст кідаеш пад канец. Потым чым-небудзь цяжкім рулет прыціснуць трэба будзе на гадзіны тры, а лепш на ўсю ноч. Можна ў якасці гнёту набраць у каструлю вады. І пасля ўсяго есці, пераважна з хрэнам! — дадала цёця, сыходзячы.

Акно ў іншае жыццё

У прыватным сектары хаты цёмныя, хутка раніца. І раптам бачым — акно свеціцца амаль на ўсю сцяну. Без фіранак акно. Поўнасцю відаць стол, засланы чырвоным абрусам, з рэшткамі ежы на белых талерках, пышная елка пад столь. Два буйныя прадметы, яліна і стол, не захіляючы адзін аднаго, быццам кажуць:

Ні дываноў, ні карцін, чыстыя белыя сцены. Ні мэблі аніякай. І ніводнага чалавека. Я ледзьве не застагнала ад дасканаласці ўбачанага, якое абмеркаваць нават няма з кім. Не са спадарожнікам жа, які калі на каханне глядзіць па-іншаму, дык і на ўсё астатняе, сто адсоткаў, густамі не сыдземся. Мне хацелася, каб ён хутчэй сышоў. Каб адной увесь астатні шлях несці перад унутраным позіркам неверагодны пакой драўлянай хаты з вуліцы Кірава. Альфрэд Хічкок на маім месцы адразу б ухапіўся за кінакамеру, каб зняць дадатковы эпізод для “Акна ў двор”, калі б убачыў, як у гэтае мінімалістычнае святочнае памяшканне ўвайшла дзяўчына ў аранжавай (колеру змен і ўзыходзячага сонца, згодна будызму) майцы і скіравалася да акна. Здавалася, яна ідзе на нас! Я ажно прыгнулася. Дзяўчына між тым узяла белую слухаўку. Выявілася, яна ішла на гук звычайнага, савецкіх часоў, хатняга тэлефона на дроце. І апусцілася на нябачны з вуліцы фатэль пад акном, павольным кінематаграфічным рухам закінуўшы вольную руку за коратка стрыжаную галаву. Нібы паплыла на спіне. Адначасова, паўлежачы, пачала з некім размаўляць, хто хутчэй за ўсё віншаваў з Новым годам. Столькі было спакою ў гэтай бездакорнай недасягальнай карціне чужога жыцця, што яшчэ мацней захацела я пазбавіцца ад маруднага праважатага, які казаў усё не то і не аб тым, лепш ўжо б маўчаў. Пазбавіцца, каб поўнасцю атрымаць асалоду ад падгледжанага відовішча, якое стаіць перад вачыма да сёння як жывое. Намаляваць яго ці што?

Таня Скарынкіна

”Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі”

Пра кнігу:

Пра аўтарку: