“Брамнік заўжды самотны”
Новая кніга Юры Станкевіча разлічана на тых, хто любіць спорт, прыгоды, актыўнае, здаровае жыццё. Дзеянне прадстаўленых у зборніку мастацкіх твораў адбываецца як у сучаснасці, так і ў далёкім або блізкім мінулым; часам яно нясе прытчавую ці фантастычную афарбоўку.
Аповесць “Брамнік заўжды самотны” расказвае пра маладога і вельмі таленавітага футбаліста, брамніка па прызванні, які хоча стаць такім самым вялікім галкіперам, як Луіс Чылаверт.
Псіхалогія юнакоў і дзяўчат, тэмы мужнасці і кахання — усё гэта складае змест кнігі.
Юры Станкевіч нарадзіўся ў Барысаве ў 1949 годзе. Рана пакінуў школу і пачаў працаваць. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, пасля заканчэння якога працаваў у «Барысаўскай аб’яднанай газеце». Неўзабаве пераехаў у Мінск. Быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзелу часопіса «Маладосць», загадчыкам аддзела часопіса «Крыніца». З 1990 году — сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Напісаў некалькі раманаў, шмат аповесцяў і апавяданняў, а таксама каля дзесятка п'ес і кінасцэнарыяў. Сярод іх напісаныя ў рэалістычным ключы, аўтабіяграфічныя творы — «Сезонныя гульні ў футбол», «Партрэт выпускніка на фоне "адлігі"», «Сястра мая, Света», а таксама эксперыментальныя рэчы: раманы «Любіць ноч — права пацукоў», аповесці «Псеўда», «Прузі», «Бесапатам», п'есы «Шэва», «Гарпіі», «Армагедон-1895». Найважнейшымі кнігамі з’яўляюцца «Любіць ноч — права пацукоў» (1998), «Апладненне ёлупа» (2005), «Мільярд удараў» (2008), «П’яўка» (2010).
Быў двойчы намінаваны на літаратурную прэмію «Гліняны Вялес» за раман «Мільярд удараў» (2008) і раман «П’яўка» (2010). У 2013 годзе кніга Станкевіча «Шал» (2012) трапіла ў кароткі спіс прэміі Гедройца.
Максім Гудаў, вядома, разумеў, што каманда не здолее змяніць манеру гульні адразу, як чалавек, які не можа нацягнуць на сябе іншую скуру. Стыль той самай гульні — гэта тое, што назапашваецца гадамі і ўкараняецца назаўсёды. Прадбачліва вывучыць асаблівасці гульні саперніка — значыць выведаць яго планы і ў выніку — перамагчы.
Канцоўка матча яўна збівалася на шэраг істэрычных эпізодаў. Гаспадарам пляцоўкі была неабходная перамога, і не ў адных прызавых грашах тут была справа. Дзясяткі тысяч заўзятараў чакалі, няўмольна патрабавалі яе ад сваіх пестуноў. Дзеля чаго яны прыходзілі сюды, на стадыён, гублялі асабісты час? Пэўна, яшчэ і таму, што кожны з іх па-свойму любіў футбол, гэтую самую папулярную гульню ў свеце, і цяпер хацеў ад сваіх улюбёнцаў поўнай аддачы. Чаго яны, урэшце, сюды і зараз прыйшлі, купілі далёка не танныя білеты? Каб усцешыцца перамогай — вось чаго.
Максім, між тым, усё часцей выходзіў на перахват, бо мяч падоўгу затрымліваўся на яго палавіне поля, крычаў з-за таго на сваіх абаронцаў. Ушчуваў іх. Як ні дзіўна, хоць ён, лічы, і выпадкова заняў месца Сяргея Румаша, яму бездакорна падпарадкоўваліся. Палыч ужо нічога не мог зрабіць. Ні парадай, ні дапамагчы чым іншым. Ды яго б і не пачулі. Няўмольны Стайлз, дарэчы, зрабіў яму папярэджанне за залішнюю актыўнасць ля броўкі.
Прыкладна хвілін за пяць да канца матча Бурэ выскачыў з ім адзін на адзін, але далёка адпусціў мяч, і Максім літаральна “зняў” яго з нагі форварда. Бурэ, якому ў гэты дзень яўна не шанцавала, тым не менш каварна скарыстаў момант і адчувальна заехаў яму бутсай у грудзі. Што ж, прамільгнула ў галаве ў Максіма, гэта балюча, але і гэта можна выкарыстаць з выгодай для сябе, пацягнуць час. Дзесяць, дваццаць, трыццаць секунд могуць вырашыць усё. Тым больш, Стайлз усё бачыў і не будзе яго вінаваціць. Дарэчы, колькі хвілін ён дадасць да асноўнага часу?
Максім урэшце падняўся на ногі, зрабіў супакойвальны жэст сваім і выкінуў мяч у поле свабоднаму хаўбэку. Гульня працягвалася. А яшчэ праз паўхвіліны гаспадароў пляцоўкі ледзь не злавілі на контратацы. Толькі жорсткі знос за дзясятак метраў ад штрафной выратаваў іх ад гола. Стайлз у чарговы раз узняў угору жоўтую картку. А потым зноў выдатны сэйв выдаў іх варатар Жуль Дзюпон — выцягнуў мяч з-пад перакладзіны. Асістэнты, між тым, высвецілі табло — рэферы дадаў тры хвіліны дадатковага часу.
Напруга матча дасягнула, між тым, найвышэйшай адзнакі. Час быццам цягнуўся бясконца. Гаспадары ліхаманкава атакавалі і зноў ледзь не пацярпелі ад контратакі, хіба што вынеслі мяч на вуглавы.
“Корнер”, — за хвіліну, максімум за дзве да фінальнага свістка падумаў ён і кінуў позіркам да “банкі”. Там, за броўкай, ужо ліхаманкава ўздымаў угору рукі Палыч. Значыць, справы ў групе для іх — не вельмі, і нічыя ўжо нічога не вырашае. Хвіліна да свістка Стайлза. Так, хвіліна, не больш. “Пара”, — падумаў зноў, скінуў пальчаткі і імкліва рушыў наперад, пакідаючы сваю штрафную, да цэнтральнага круга і за яго, насустрач здзіўленаму гулу стадыёна — туды, да чужых варот. Што будзе там, ён не мог і не здольны быў прадугледзець, але нешта неасэнсаванае гнала яго туды. Так іншым разам рабіў яго кумір, вялікі Чылаверт. І няхай трэнеры, спецы ад футбола, журналюгі лічылі і лічаць таго апантаным, вар’ятам, праўда, з агаворкай — геніяльным вар’ятам, — ён быў найлепшы з найлепшых — і гэта ўжо і ёсць сапраўдны футбол, у які той гуляў і ў які варта гуляць і яму.
Падаваць вуглавы пабег правы хаўбэк, нястомны Алесь Саковіч, але і здалёк было бачна, як ён стаміўся. У штрафной сапернікаў — мітусня, разборка па персонах, звыклы прэсінг. На яго, варатара з чужой штрафной, які ўзнік за спінамі, у той момант ніхто асабліва не зважаў. Яшчэ не разабраліся. Ужо ўкліньваючыся ў гэты гармідар, ён ускінуў руку, даваў знак Саковічу, каб падаваў на далёкую стойку, і адначасова рвануўся туды, на свабодны пятачок, не губляючы бакавым зрокам палёт мяча, няблага закручанага Алесем, і, урэшце, у падзенні “злавіў” яго галавой ля самай стойкі.
Стадыён ахнуў у адзін голас, і — наступіла цішыня. Мяч праслізнуў у сетку варот.
Ён убачыў, як Стайлз паказаў на цэнтр, як потым перавёў позірк на свой судзейскі гадзіннік, і што было сіл, быццам на стометроўцы, ірвануў назад, да сваіх варот: яшчэ заставаліся хоць і лічаныя, але з дзясятак секунд, і магло здарыцца ўсё, што заўгодна, а на броўцы падскокваў, радасна крычаў нешта і трыумфаваў Палыч.
Вароты ўжо на ўсялякі выпадак страхаваў абаронца Дзіма Гуркоў, але раптам зухавата ўхапіў рукамі перакладзіну і павіс на ёй, дэманструючы сваё захапленне, забоўтаў нагамі, і тут жа ззаду прагучаў свісток Стайлза аб заканчэнні гульні. Да яго, брамніка, ужо беглі, абдымалі, павалілі на траву.
Перамога. Яны выйшлі з групы.

Юры Станкевіч
“Брамнік заўжды самотны”
Пра кнігу:
Пра аўтара:

